17 кастрычніка ў «Белтэлекаме» прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная перспектывам развіцця ўласнага тэлеканала «ЯСНАе TV».
Намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Сяргей Туромша і галоўны рэдактар тэлеканала Марыя Арабчык распавялі журналістам пра тое, якія змены чакаюць тэлеканал і чым новая «кнопка» будзе цікавая гледачам.
- З'яўленне такога сур'ёзнага медыярэсурса сярод актываў «Белтэлекама» - магчыма, для кагосьці нечаканая, але зусім не выпадковая падзея. Трэнд да выхаду тэлекамунікацыйных кампаній і інтэрнэт-гігантаў на рынак сродкаў масавай інфармацыі выразна прасочваецца ў многіх краінах. Гэта не толькі патэнцыйная кропка росту фінансавых паказчыкаў, але і перспектыўная пляцоўка для прасоўвання новых напрамкаў развіцця, падтрымання канкурэнтаздольнасці традыцыйных сэрвісаў і паслуг, - сказаў Сяргей Туромша. - Мы хочам не толькі прадставіць шырокай аўдыторыі традыцыйны тэлевізійны прадукт у выглядзе мастацкіх і дакументальных фільмаў або спартыўных трансляцый, але і пазнаёміць з новымі трэндамі развіцця тэлекамунікацыйнай галіны, перспектыўнымі сэрвісамі і прадуктамі, стартапамі, якія здольныя прынесці карысць як краіне ў цэлым, так і радавому спажыўцу.
Безумоўна, канал чакаюць пэўныя перамены. Ужо цяпер творчая каманда «ЯСНАе TV» працуе над стварэннем новых тэматычных напрамкаў, асноўнае з якіх - сфера высокіх тэхналогій і сучасных паслуг сувязі. Пастаянны прагрэс сферы ІТ, ўдасканаленне існуючых і з'яўленне новых прадуктаў і сэрвісаў патрабуюць больш шырокага давядзення гэтай інфармацыі да насельніцтва. У кола інтарэсаў тэлеканала ўваходзіць знаёмства аўдыторыі з светам інавацый. Усё гэта дапаможа лепш арыентавацца ў складаных лічбавых рашэннях і тэлекамунікацыйных прадуктах, дакладна разумець іх магчымасці і прызначэнне і, вядома, даведвацца пра навінкі.
У той жа час, увабраўшы ў сябе часцінку сямейнага брэнда «ЯСНА», новы тэлеканал не будзе адыходзіць ад кантэнту, які здольны сабраць ля тэлеэкрана ўсю сям'ю. У сетцы вяшчання - высокарэйтынгавыя мастацкія фільмы, серыялы, захапляльныя спартыўныя трансляцыі.
- Каманда «ЯСНАе TV» не пакіне без увагі інтарэсы шматтысячнай аўдыторыі прыхільнікаў спорту. Спадзяюся, тэлегледачы ўжо ацанілі паядынкі вядучай хакейнай лігі краіны. Захаваліся ў сетцы вяшчання і трансляцыі ўсіх матчаў футбольнага чэмпіянату краіны. Паступова з'явяцца і новыя спартыўныя турніры, у тым ліку па кіберспорце, - кажа галоўны рэдактар тэлеканала Марыя Арабчык.
Тэлеканал «ЯСНА ТV» даступны для прагляду на ўсёй тэрыторыі Беларусі абанентам тэлебачання ZALA і многіх кабельных аператараў. Пры гэтым стваральнікі канала запрашаюць да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых аператараў.
«ЯСНАе TV» пакажа сацыяльную рэкламу, а вось дакучлівых рэкламных блокаў тут не будзе - глядач зможа атрымліваць асалоду ад любімага фільма ці матча без вымушанай паўзы.
- Наша галоўная мэта - прыцягнуць гледача цікавым і карысным для яго кантэнтам, - падвёў вынік Сяргей Туромша. - Таму мы запрашаем да супрацоўніцтва творчыя каманды, для якіх актуальная тэматыка канала. Бо «ЯСНАе TV» можа стаць унікальнай пляцоўкай, якая аб'ядноўвае журналістаў, блогераў і проста актыўных захопленых людзей.
Давайце рабіць сучаснае яркае ТБ разам!
Тэлеканал «ЯСНАе TV» упершыню выйшаў у эфір 23 верасня. Ён даступны для прагляду 24 гадзіны ў суткі. Кантэнт прадстаўлены ў фармаце FULL HD. Назва для новай «кнопкі» запазычана ў аднаго з брэндаў «Белтэлекама» - «ЯСНА» (пакеты тэлекамунікацыйных паслуг). Мова вяшчання - беларуская і руская. Тэлеканал арыентаваны на шырокую аўдыторыю: глядач любога ўзросту, полу і прафесіі знойдзе для сябе нешта цікавае.